Кальчуны – звычайная вёска, якіх на Беларусі нямала. Aле наша зямля багатая на падзеі і на знакамітых людзей. Вучні школы заўсёды пільна вывучалі гісторыю малой радзімы і сваіх землякоў. У выніку ў 2004 годзе ў школе пад кіраўніцтвам Т.Я.
Давідовіч быў адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей.
Музей створаны ў гонар вялікага вучонага Енджэя Снядэцкага (1768-1838), жыццё якога звязана з Ашмянскім краем.
Справа ў тым, што непадалёк ад Кальчун, ў вёсцы Болтуп, знаходзіўся палац, які належыў Снядэцкім. А побач, у Гародніках, стаіць сямейная капліца Снядэцкіх.
Енджэй Снядэцкі – гэта сусветна вядомы вучоны эпохі Асветы. Свой талент ён праявіў у розных галінах навукі: хіміі, біялогіі, медыцыне, біяхіміі, педагогіцы, літаратуры. Енджэй Снядэцкі – аўтар больш сямідзесяці навуковых прац. Найбольш вядомымі з’яўляюцца “Тэорыя арганічных субстанцый”, “Асновы хіміі” , “Аб фізічным выхаванні дзяцей”.
У нашым музеі налічваецца больш за 1600 экспанатаў.
Экспазіцыя складаецца з трох асноўных раздзелаў: “Наш зямляк – Енджэй Снядэцкі”, “Куток этнаграфіі” і “Гісторыя школы”.
Сярод экспанатаў — фотакопіі партрэтаў вучонага, рукапісаў, навуковых прац, публікацыі пра яго жыццё і дзейнасць, а таксама прадметы, звязаныя з яго нашчадкамі — герб роду Снядэцкіх, люстэрка з Гародніцкай капліцы, а таксама рэцэпт лекара. Гонарам музея з’яўляецца макет Болтупскага маёнтка, які створаны вучнямі школы па малюнку Напалеона Орды 1876 года.Цэнтральнае месца ў экспазіцыі музея займаюць бюст Енджэя Снядэцкага, генеалагічнае дрэва роду Снядэцкіх-Балінскіх і калекцыя гербаў шляхты Ашмянскага павета.
У асобным памяшканні размешчана экспазіцыя, прысвечаная гісторыі школы. Там знаходзяцца арыгінальныя вучэбныя прылады, асабістыя рэчы настаўнікаў–ветэранаў, настаўнікаў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай Вайны і г.д.
Музей дазваляе комплексна вырашаць пытанні выхавання, навучання, развіцця вучняў. Дзейнасць музея спрыяе пашырэнню
кругагляда вучняў, паглыбленню іх школьных ведаў, развівае інтэлектуальную, эмацыйную, творчую сферы асобы нашых вучняў.
Актыў музея, навучэнцы школы паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах рознага ўзроўню. За апошнія гады навучэнцы паказалі высокія вынікі ў наступных конкурсах: (на слайдзе).
У музеі рэалізуюцца творчыя праекты ў галіне краязнаўства і музеязнаўства. Напрыклад, творчы праект «Музейныя таямніцы», “Музей ў чамадане” які накіраваны на выкарыстанне патэнцыялу наяўных у музеі экспанатаў. Ён прадугледжвае правядзенне цыкла музейных мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі асобных экспанатаў (прас, самавар), рамёствам і традыцыйным заняткам нашых продкаў, а таксама мінуламу Ашмянскага краю.
Распрацаваны веласіпедны маршрут працягласцю 6 км “Дарогамі Енджэя Снядэцкага” па найбольш важных культурных аб’ектах, звязаных з жыццём вучонага. Таксама навучэнцы школы прымаюць удзел ва Усебеларускай моладзевай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, дзе яны распрацавалі і прэзентавалі маршрут па Ашмянскаму раёну.
Выхаваўчы і адукацыйны патэнцыял музея дазваляе праводзіць там урокі гісторыі, хіміі, літаратуры, мастацтва, класныя і інфармацыйныя гадзіны.