20 сакавіка 2026 года ў Кальчунскай сярэдняй школе прайшла педагагічная нарада на тэму: «Прымяненне тэхналогіі штучнага інтэлекту для павышэння якасці адукацыйнага працэсу».
У рабоце педсавета прынялі ўдзел 18 педагогаў установы. Галоўная мэта сустрэчы — сістэматызацыя вопыту выкарыстання штучнага інтэлекту, выпрацоўка адзіных падыходаў да інтэграцыі тэхналогій у адукацыйны працэс для забеспячэння аб’ектыўнага павышэння якасці ведаў і метапрадметных вынікаў.
З прывітальным словам выступіла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Т.Т. Бяляцкая, якая адзначыла, што штучны інтэлект сёння становіцца стандартам прафесійнай дзейнасці настаўніка, аднак аўтаматычна якасць адукацыі не расце. Ключавая задача педагога — ператварыць хаатычнае выкарыстанне ШІ у сістэмную мадэль, якая рэальна павышае якасць адукацыі.
Падчас педагагічнай нарады педагогі падзяліліся сваім практычным досведам:
- А.В. Лыскойць (настаўнік замежнай мовы) прадставіла 8 эфектыўных прыёмаў выкарыстання ШІ: ад генерацыі відэа-інтэрв’ю і картак-асацыяцый да стварэння чат-бота і сайта для вывучэння англійскай мовы.
- К.П. Дорняк (настаўнік рускай мовы і літаратуры) расказала пра магчымасці нейрасетак для кантэкстуальнага пошуку літаратурных фрагментаў, стварэння «літаратурных антыподаў» і адаптацыі складанасці тэкстаў.
- С.С. Коўгер (настаўнік пачатковых класаў) прадэманстравала, як з дапамогай ШІ распрацоўваць заданні на аснове тэкстаў (схем, дыяграм, табліц) для фарміравання функцыянальнай пісьменнасці малодшых школьнікаў.
- П.А. Лабачэўская (настаўнік матэматыкі) правяла майстар-клас «Канструктар урокаў за 5 хвілін» і пазнаёміла калег з платформай NotebookLM ад Google, якая працуе па прынцыпе «прывязкі да крыніц» і дазваляе стварыць «другога метадыста», які выдатна ведае вашу праграму.
Па выніках педагагічнай нарады быў прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на далейшае ўкараненне ШІ ў адукацыйны працэс: стварэнне банка метадычных матэрыялаў на сайце школы, правядзенне серыі адкрытых урокаў, арганізацыя метадычнага аб’яднання і цыклу класных гадзін па лічбавай пісьменнасці.



